РЭ́ЙНСКІ САЮ́З 1806—13 (ням Rheinbund, франц. Confédération du Rhin),

аб’яднанне большасці герм. дзяржаў пад пратэктаратам Францыі ў перыяд напалеонаўскіх войнаў. Засн па патрабаванні франц. імператара Напалеона I паводле дагавора ад 12.7.1806 (падпісаны ў Парыжы) паміж Францыяй і 16 княствамі Зах. і Паўд. Германіі. Гэтыя княствы аддзяляліся ад «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (6.8.1806 яна ліквідавана) і ўступалі ў ваен. саюз з Францыяй (абавязваліся паставіць апошняй у выпадку вайны 63 тыс. вайскоўцаў), становячыся фактычна яе васаламі. У большасці дзяржаў саюза быў уведзены і дзейнічаў Французскі грамадзянскі кодэкс 1804. Да 1811 далучыліся яшчэ 20 дзяржаў Зах., Сярэдняй і Паўн. Германіі (4 каралеўствы, 5 вял. герцагстваў і 11 герцагстваў, акрамя Прусіі і некалькіх малых дзяржаў). У 1808 ахопліваў пл. 325 800 км² з 14,61 млн. жыхароў, да 1811 скараціўся да 283 100 км² з 13,3 млн. жыхароў. Выкарыстоўваўся Напалеонам для забеспячэння франц. панавання ў Германіі. Распаўся пасля паражэння франц. войск у Лейпцыгскай бітве 1813.

т. 13, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)